Запрашаем наведаць “Фэст экскурсаводаў”!
Падчас “Фэсту экскурсаводаў” напрацягу двух дзён (17-18 красавіка) пройдзе шэраг самых разнастайных бясплатных экскурсій па гістарычных мясцінах Мінска, Гродна, Брэста і іншых гарадоў і мястэчак!
“Фэст экскурсаводаў” – гэта ўнікальная магчымасць для кожнага атрымаць незвычайную інфармацыю з першых вуснаў пра звыклыя мясціны, бо экскурсаводамі падчас Фэсту выступаюць як адмыслоўцы ў гэтай прафесіі, так і вядомыя гісторыкі, культуролагі, музейныя супрацоўнікі, настаўнікі, краязнаўцы — тыя, хто сам займаецца вывучэннем нашай гісторыка-культурнай спадчыны і гатовы падзяліцца сваімі ведамі з усімі цікаўнымі.
Паводле словаў старшыні МГА “Гісторыка” Змітра Рагачова, “Наша незвычайная гісторыя – найбагацейшы скарб. Наша зямля была ў цэнтры падзеяў заўсёды, зазнала ўплыў розных цывілізацыяў. Згадкі пра ўсё гэта багацце мы можам пабачыць літаральна побач і зараз.”
“Фэст Экскурсаводаў” праводзіцца ўжо другі год запар. У 2009 годзе ў межах Фэсту на працягу 2 дзён у Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшло амаль 30 самых разнастайных пешых экскурсій, у якіх прынялі ўдзел каля 1300 асобаў.
Цімох Акудовіч, намеснік старшыні Беларускага камітэту Міжнароднай рады па помніках і мясцінах: “Мінулым годам на асобныя экскурсіі прыходзіла больш за 100 чалавек. Мы былі ўражаныя такой зацікаўленасцю. Значыць, мерапрыемства запатрабаванае грамадствам.”
Гэтым годам “Фэст экскурсаводаў” праводзіцца ў падтрымку кампаніі “Будзьма!”, так як яго мэты цалкам супадаюць з мэтамі кампаніі. Кампанія “Будзьма!” дазваляе людзям наведваць цікавыя экскурсіі, ездзіць у падарожжы па Беларусі, удзельнічаць у культурна-асветніцкіх мерапрыемствах і пасля заканчэння Фэсту.
Святкуйма Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў разам!
ДАДАТКОВА
Арыгінальная назва свята для пошуку больш падрабязнай інфармацыі ў Інтэрнэце: International day for Monuments and Sites
Удзельнікі Аргакамітэта па святкаванню Міжнароднага Дня помнікаў і мясцінаў (яны ж арганізатары “Фэста экскурсаводаў”):
Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС),
Грамадскае аб’яднне “Беларускi фонд культуры”,
Маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”,
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”
Кантакты з Аргкамітэтам:
Зміцер Рагачоў, (8-029) 7550370
(каардынатар па працы з рэгіёнамі, старшыня МГА “Гісторыка”),
Цімох Акудовіч, (8-029) 5571124
(каардынатар па Мінску, намеснік старшыні Беларускага камітэту ІКАМОС).
Расклад экскурсій глядзіце тут